Sunday, August 14, 2011

Візуальны архіў краіны. Нацыянальныя конкурсы прэс-фатаграфіі

Небольшой комментарий: статья писалась еще весной как рецензия на каталог первого конкурса пресс-фото Беларуси. Опубликована в "Мастацтве", июль 2011.


А под линком сканы из журнала:











Візуальны архіў краіны

Нацыянальныя конкурсы прэс-фатаграфіі

/i/content/pi/mast/46/789/37.jpg
Віктар Драчоў. Свята Дабравешчання ў вёсцы Тульгавічы, размешчанай у 30- кіламетровай зоне адчужэння
Што значыць быць выбітным рэпарцёрам сёння? Безумоўна — займаць прызавыя месцы на конкурсе World Press Photo і на фестывалі фотажурналістыкі Visa pour l’Image ў Перпіньяне, стаць членам прэстыжнага агенцтва «Магнум», публікавацца ў вядучых выданнях свету, атрымаць Залаты медаль Раберта Капы ці нават Пулітцэраўскую прэмію ў галіне журналістыкі. Але трыумфальны шлях пачынаецца з малых перамог. І, напэўна, першая планка, якая з’яўляецца перад аўтарамі-пачаткоўцамі, — гэта конкурс прэс-фатаграфіі нацыянальнага ўзроўню.
У нашых суседзяў падобныя падзеі — не навіна. Так, напрыклад, Літоўскі саюз фатографаў праводзіць конкурс прэс-фатаграфіі з 2001 года, у Польшчы ён адбываецца з 2005-га. Для ацэнкі работ выбіраецца аўтарытэтнае журы, якое складаецца з мясцовых і замежных профі ў галіне фатаграфіі. На апошні польскі конкурс Grand Press Photo было даслана больш за чатыры тысячы здымкаў з усёй краіны, а вынікі адбору асвятляліся ў вядучых нацыянальных СМІ. Lietuvos spaudos fotografija таксама валодае высокай рэпутацыяй і карыстаецца папулярнасцю сярод прафесіяналаў: у 2009-м арганізатары паведамілі, што ім было даслана больш за шэсць тысяч прац. Конкурс прэс-фатаграфіі з абавязковай намінацыяй «Лепшая фатаграфія» штогод праводзяць і ў Чэхіі, Фінляндыі, Эстоніі, Венгрыі, Славеніі.
«Прэс-фота Беларусі» стала прыватнай ініцыятывай фатографаў-рэпарцёраў Аляксея Мацюшова і Вадзіма Заміроўскага і кіраўніка беларускага партала «Znyata» Сяргея Міхаленкі. Упершыню конкурс быў праведзены ў 2010-м, і яго аб’яўленне ў нашай краіне стала неспадзяванкай. Скептыцызм з боку грамадскасці нібы падкрэсліваў: ад конкурсу ніхто нічога сур’ёзнага не чакае. У адным з інтэрв’ю Сяргей Міхаленка прызнаўся, што яму не раз даводзілася чуць, быццам прэс-фатаграфія ў Беларусі адсутнічае як феномен, таму рашэнне правесці конкурс было шмат у чым выклікана жаданнем абвергнуць гэта меркаванне і зрабіць бачнай як беларускую прэс-фатаграфію, так і саміх рэпарцёраў.
Арганізатары пачалі з фарміравання прафесійнага журы. Менавіта для першага конкурсу было вырашана запрасіць толькі знешніх экспертаў — для непрадузятай ацэнкі ўзроўню беларускага рэпартажу. І трэба прызнаць, што склад журы атрымаўся вельмі аўтарытэтным. У яго ўвайшлі, напрыклад, прэзідэнт Клуба прэс-фатографаў Літвы Ёнас Стасяліс, двухразовы ўладальнік прэміі World Press Photo расійскі фатограф Сяргей Максімішын, старшыня Аб’яднання фатографаў Азербайджана Асіят Фатулаева, фотарэдактары газет і агенцтваў Расіі і Літвы. На першы конкурс было дазволена прысылаць выявы, зробленыя не толькі на працягу 2009 года, — арганізатары вырашылі расшырыць часавы дыяпазон для больш аб’ектыўнага і збалансаванага зрэзу прэс-фатаграфіі.
Па ўмовах конкурсу прыняць у ім удзел маглі беларускія фатографы, здымкі якіх публікаваліся ў друкаваных і электронных СМІ. Кіруючыся міжнароднымі стандартамі, распрацоўшчыкі вызначылі наступныя намінацыі: «Навіны», «Людзі ў навінах», «Партрэт», «Паўсядзённае жыццё», «Мастацтва і забаўкі», «Спорт», «Прырода» і нават «Гламур». На запрашэнне паўдзельнічаць адгукнуліся 94 фатографы са сталіцы і рэгіёнаў Беларусі, яны даслалі больш за тысячу дзвесце работ. Журы адабрала 35 лепшых выяў. Вясной 2010-га ў рамках штогадовага «Фотафоруму» ў выставачным цэнтры «БелЭкспа» адкрылася выстава пераможцаў. У інтэрнэце запрацаваў сайт конкурсу, дзе былі прадстаўлены ўсе працы. А ў пачатку сакавіка 2011 года ў Мінску адбылася прэзентацыя каталога, у якім былі сабраны для гісторыі лепшыя здымкі ва ўсіх намінацыях з подпісамі на беларускай, рускай і англійскай мовах.
Гран-пры атрымала серыя Віктара Драчова пад назвай «Чарнобыльская зона. Праз 20 гадоў». Фатограф паказаў пяць сцэн з жыцця людзей, што адмовіліся пакінуць родныя мясціны і засталіся ў зоне адчужэння, нягледзячы на пагрозу здароўю. «Фатаграфіяй года» быў прызнаны здымак з гэтай серыі пад назвай «Свята Дабравешчання ў вёсцы Тульгавічы, размешчанай у 30-кіламетровай зоне адчужэння вакол Чарнобыльскай АЭС». Пустынныя вуліцы вёскі, закінуты дом, адзінокае дрэва, вынесены на вуліцу стол, за якім сабраліся пажылыя людзі... Подпіс паведамляе: «Да 1986 года тут пражывала больш за 2000 чалавек. Зараз у вёсцы Тульгавічы толькі 8 жыхароў».
Не абышлося і без скандалу. У хуткім часе пасля аб’яўлення вынікаў конкурсу журналіст Васіль Сямашка раскрытыкаваў чарнобыльскую серыю Драчова, абвінаваціўшы аўтара ў пастаноўцы здымкаў. Па словах Сямашкі, Драчоў самастойна зрэжысаваў сцэну для атрымання паспяховага кадра, папрасіўшы старых зрабіць тое, што яму было патрэбна: «Мяркуючы па цёплай вопратцы, у якую апранутыя жыхары Тульгавіч, надвор’е было не самае спрыяльнае для пасядзелак пад адкрытым небам на пустыры. Але дзеля фотасесіі “народнага свята” старым людзям давялося пацярпець: у хаце не атрымаецца зрабіць кадр з закінутым домам на заднім плане». Таксама быў раскрытыкаваны здымак дазіметрыста ў ахоўным рыштунку: Сямашка ўказваў на непраўдападобнасць выяўлення рэальнага становішча ў чарнобыльскай зоне.
У мінулым годзе спрэчкі разгарэліся і вакол фатаграфіі, якая заняла першае месца на польскім конкурсе Grand Press Photo. Вядомы і паважаны фатограф Томаш Тамашэўскі атрымаў галоўную ўзнагароду за серыю пра Верхнюю Сілезію. Гэты прамысловы рэгіён ужо неаднаразова станавіўся аб’ектам цікавасці польскіх фатографаў, але заўсёды адлюстроўваўся ў чорна-белай гаме. Тамашэўскі вырашыў зламаць традыцыйны і шмат у чым ужо стэрэатыпны вобраз дэпрэсіўнай, шэрай і бруднай Сілезіі, паказаўшы ўсё ў колеры. Галоўны здымак серыі не толькі прыцягвае ўвагу мноствам яркіх фарбаў, але і вельмі аптымістычны па сваім змесце — на ім паказана, як дзеці радуюцца святу Божага Цела. У інтэрв’ю Тамашэўскі не скрывае свайго задавальнення і здзіўлення: «У конкурсах такога роду звычайна прынята адзначаць здымкі, якія расказваюць пра драматычныя падзеі... Свет, які мы фатаграфуем, перажывае трагедыі, і пра іх трэба расказваць, але ў той жа час свет валодае прыгажосцю. І гэты аспект таксама трэба папулярызаваць. Я вельмі ўдзячны, але не за тое, што атрымаў узнагароду, а за тое, што ўзнагароду атрымала фатаграфія, якая паказвае штосьці добрае...»
Аднак, як і ў выпадку з Драчовым, у адрас Тамашэўскага з’явіліся абвінавачанні ў тым, што здымак быў зрэжысаваны фатографам, быццам бы ён прымусіў дзяцей скакаць і весяліцца, каб атрымаўся цікавы кадр. Былі нават выказаны падазрэнні, што фатограф выкарыстаў Photoshop для апрацоўкі. Некаторыя гледачы заявілі аб прысутнасці слядоў маніпуляцыі выявай, указаўшы, напрыклад, на розную накіраванасць ценяў. Тамашэўскі быў вымушаны напісаць апраўданне і прадставіць журы конкурсу RAW-файл (лічбавы арыгінал) выявы, пасля чаго журы размясціла афіцыйнае абвяржэнне: здымак з’яўляецца сапраўдным, Photoshop не выкарыстоўваўся.
Адрэагаваць на абвінавачанні быў вымушаны і беларускі фатограф Віктар Драчоў. Ён сказаў, што не рабіў пастаноўку застолля — людзі самі сабраліся да прыезду гасцей. Пры гэтым Драчоў прасіў не забываць, што ў такіх закінутых месцах, як чарнобыльская зона, з’яўленне фатографа — тым больш фатографа AFP (Agence France-Pressе) — заўсёды ўспрымаецца як падзея: «Большасць здымкаў часткова ўжо пастаноўка, бо прысутнасць журналіста прымушае людзей трохі па-іншаму рабіць сваю справу. Канешне, задача рэпарцёра назіраць і не ўмешвацца ў тое, што адбываецца, але часта самі арганізатары ці кіруючыя службы робяць пастаноўку для прыбыўшых фатографаў, каб атрымалася эфектная карцінка». Арганізатары конкурсу таксама выступілі з афіцыйнай заявай, паведаміўшы, што наконт фатаграфіі Драчова былі праведзены кансультацыі з членамі журы, разгледжаны ўсе факты, каментарыі і тлумачэнні, і было прынята рашэнне захаваць Гран-пры за выявай як адпавядаючай усім патрабаванням, якія прад’яўляюцца да прэс-фатаграфіі.
Важна, што прафесіяналізм Драчова высока ацанілі і ў 2009 годзе, калі ён быў выбраны лепшым фатографам у намінацыі «Гуманітарны рэпартаж» (выява сабачкі на Кастрычніцкай плошчы з гэтай серыі атрымала ўзнагароду ў намінацыі «Гламур» на «Прэс-фота Беларусі-2010») на вядомым і аўтарытэтным фестывалі прэс-фатаграфіі ў Перпіньяне. «Віктар Драчоў можа перадаць патрэбныя пачуцці і адценні гумару нават праз самыя простыя дэталі. Ён не толькі даслаў нам прыўкрасную навіну — у ёй таксама ёсць штосьці асабістае, тыповае для Драчова, нейкі арыгінальны, вобразны, нечаканы элемент», — каментуюць здымкі Віктара члены журы. Сам фатограф у інтэрв’ю для сайта фестывалю шчыра сказаў, што, на жаль, не разлічвае на прызнанне яго прац у Беларусі. І, як цяпер бачна, памыліўся, паколькі на першым беларускім конкурсе прэс-фатаграфіі ён стаў безумоўным фаварытам журы і заняў адразу шэсць прызавых месцаў!
Калі параўноўваць вынікі беларускага «Прэс-фота» з аналагічнымі конкурсамі ў Польшчы і Літве, то адным з галоўных адрозненняў будзе дамінаванне вясковай тэматыкі. Даследчыкі называюць Беларусь «краінай учорашніх сялян». Большую частку насельніцтва складаюць гараджане ў першым і другім пакаленнях. Вясковая тэма ў фатаграфіі заўсёды была адной з самых папулярных і прадуктыўных у Беларусі. Вось некалькі асноўных імёнаў фатографаў, што працавалі з тэмай вёскі ў розныя часы: Валерый Лабко, Уладзімір Няхайчык, Яўген Казюля, Анатоль Дудкін, Уладзімір Шарнікаў, Сяргей Брушко, Андрэй Лянкевіч. У каталозе прэс-фота 2010 года вясковая тэма прысутнічала ў намінацыях «Навіны», «Паўсядзённае жыццё», «Мастацтва і забаўкі», а таксама ў працах, што ўвайшлі ў шорт-ліст. Пры гэтым, як паведамляюць арганізатары конкурсу, хоць сярод пераможцаў і былі прадстаўнікі рэгіёнаў, у асноўным лаўрэаты жывуць і працуюць у Мінску.
Больш за ўсё даводзіцца шкадаваць пра надзвычайную рэдкасць рэпартажаў-даследаванняў, калі фатограф займаецца доўгатэрміновым і паглыбленым вывучэннем адной выбранай тэмы ці праблемы. Той жа вобраз вёскі ў выкананні беларускіх рэпарцёраў аказаўся празмерна абагульненым, нават шмат у чым стэрэатыпным, пазбаўленым нюансаў і асабістых гісторый. Амаль ва ўсіх прадстаўленых на конкурс рэпартажах выяўленыя людзі засталіся ананімамі: перад намі «Даярка», «Механізатар», «Удзельнік парада», «Бабуля», «Дзяўчына», «Ветэран». Але ў сілах фатографа данесці да гледачоў гісторыю рэальных людзей, што зрабілі, напрыклад, літоўскія журналісты, суправадзіўшы свае здымкі вельмі падрабязнымі тлумачэннямі. Пры знаёмстве з літоўскім каталогам прэс-фатаграфіі можна даведацца шмат фактаў і сюжэтаў з рэальнага жыцця грамадства. Напрыклад, здымак Сігітаса Канцэвічуса «Твар, накіраваны ў вечнасць» з рэпартажу пра рак падпісаны наступным чынам: «Рак падкрадваецца незаўважна і забірае абраную ім ахвяру. Вірджынія з вёскі Луомяй адсвяткавала свой 34-ты дзень народзінаў 1 чэрвеня. Ружы з яе апошняга свята яшчэ не завялі, калі яна памерла». А вось подпіс да ўсяго рэпартажу: «У Еўропе кожныя 18 хвілін ад раку шыйкі маткі памірае жанчына. У Літве кожны тыдзень 5 жанчын паміраюць ад гэтай хваробы. Хто падлічыць, колькі іх чакае каля варот раю? (...) Калі б вакцына ад жудаснай хваробы была даступна ў краіне, Вірджынія Бендзікіне была б усё яшчэ жывая і здаровая». Варта таксама адзначыць, што, у адрозненне ад літоўскіх рэпарцёраў, іх беларускія калегі зацікавіліся толькі «простымі людзьмі»: ніхто не фатаграфаваў палітыкаў, грамадскіх і культурных дзеячаў, знакамітасцей.
У той жа час прыемна было бачыць, што ў нас з’явіліся маладыя аўтары, якія імкнуцца адпавядаць еўрапейскім стандартам фотажурналістыкі і засвойваюць жанр крытычнага рэпартажу. Некаторыя з іх удзельнічалі ў выставе «Маладая прэс-фатаграфія Беларусі», якая прайшла ў 2009 годзе. Можна назваць імёны Аляксандра Саенкі, Юліі Ружэчка, Наталлі Аблажэй. Гэтыя маладыя аўтары змаглі заняць прызавыя месцы на конкурсе, дэманструючы здольнасць да вострага асэнсавання сацыяльных праблем беларускай сучаснасці. Напрыклад, Аляксандр Саенка расказаў пра бясплатныя абеды для бяздомных і маламаёмасных, якія штодня арганізуе каталіцкі кляштар у яго родным горадзе Гродна. А фотакарэспандэнт БелТА Наталля Аблажэй зрабіла захапляючы рэпартаж пра трэніроўкі ў ваенна-патрыятычным лагеры «Вектар».
Беларускім рэпарцёрам варта імкнуцца да больш упэўненага гучання іхняга ўласнага аўтарскага голасу пры асвятленні падзей. У сучасным рэпартажы істотную ролю адыгрывае не толькі прамое дакументаванне і інфармаванне, але і асабістая інтэрпрэтацыя. Фатограф — не проста аператар, ён — аўтар. А значыць, мае права быць суб’ектыўным як у выбары тэмы, так і ў спосабе яе падачы. Мы ўжо добра ведаем, што фатаграфічнай выявай можна маніпуляваць не ў меншай ступені, чым любым іншым сродкам камунікацыі, таму сучасны крытычна настроены глядач якраз з падазрэннем будзе ставіцца да ўсіх рэпартажаў, прадстаўленых як «нейтральныя». Фатаграфія паказвае не тое, што было, а тое, на што звярнуў увагу чалавек. За кожным рэпартажам стаіць пункт гледжання — і на конкурсах фатаграфіі гэта робіцца адным з самых важных аспектаў і крытэрыяў ацэнкі.
Першы конкурс прэс-фатаграфіі паказаў зрэз беларускай фотажурналістыкі і абазначыў агульныя праблемы — у гэтым адна з мэт, якія звычайна ставяць перад сабой арганізатары падобных конкурсаў: праводзіць своеасаблівы маніторынг якасці журналістыкі, паказаць лепшыя працы, вызначыць стандарты, новыя стылі і падыходы, справакаваць дыскусіі, абмеркаваць, да чаго мы прыйшлі і што неабходна зрабіць для далейшага развіцця. Такія конкурсы вельмі важныя не толькі для шырокай аўдыторыі і спецыялістаў, але і для саміх фатографаў, паколькі для іх гэта спосаб паказаць свае работы аўтарытэтнаму журы і публіцы, набыць прызнанне, а для пачаткоўцаў — заявіць пра сябе і, канешне ж, атрымаць добры эмацыйны зарад для далейшай працы.
Асаблівую важнасць мае і стварэнне візуальнага архіва найбольш значных падзей, своеасаблівай гісторыі ў карцінках. Такога роду архіў важны на міжнародным узроўні, але асабліва — на ўзроўні нацыянальным. Задача кожнага рэпарцёра — весці хроніку часу. Задача конкурсаў — выдзеліць тых, хто справіўся са сваёй працай лепш за іншых. Асаблівае значэнне набываюць фатаграфіі, якія дасягнулі статусу «іканічных вобразаў», то-бок тыя, што не толькі паказваюць гістарычна значныя падзеі, але і выклікаюць моцны эмацыянальны водгук, тыражуюцца ў СМІ і лёгка пазнаюцца людзьмі.
Пры гэтым арганізатары конкурсаў і фестываляў усё часцей гавораць пра свае намаганні стварыць альтэрнатыўныя пляцоўкі для паказу рэпартажаў, выходзячых за рамкі фінансавых і фарматных абмежаванняў, якія накладваюць сучасныя камерцыялізаваныя выданні. Таму ўбачыць такія працы можна толькі на спецыялізаваных выставах ці ў фотакнігах (калі аўтар здолеў ажыццявіць адпаведны праект). Так, напрыклад, у мінулым годзе на фестывалі ў Перпіньяне міністр культуры Францыі Фрэдэрык Мітэран прызнаўся, што яму вельмі спадабаўся рэпартаж Гіёма Эрбо «Чорнае золата Чарнобыля» пра незаконны гандаль металаломам, вывезеным з зоны адчужэння: «Гэта вельмі небяспечна, бо ў метале засталося шмат радыяцыі. Складана адлюстраваць такое ў звычайным журнальным ці тэлевізійным рэпартажы. І вось сёння я прыйшоў на выставу і ўбачыў гэта, імгненна. Красамоўны расповед, выразныя і ўражальныя фатаграфіі».
Што датычыцца беларускага конкурсу прэс-фота, то, безумоўна, і члены журы, і арганізатары, і фатографы, і публіка былі вельмі рады таму, што гэта дзёрзкая задума ажыццявілася і дала свае вынікі. Магчыма, менавіта першая спроба выклікала пэўныя насцярожанасць і недавер, якія перашкодзілі арганізаваць дастатковую колькасць адкрытых дыскусій. Але важна, што ініцыятыва не згасла і ў 2011-м адбыўся другі конкурс, які сабраў лепшыя здымкі за 2010 год.

No comments: